Кніга В.С. Жывалеўскага - "Лютня i гiтара на беларускiх землях". Уводзіны.

УВОДЗІНЫ
Гітара ў Беларусі… Яшчэ нядаўна, якія-небудзь два дзесяцігоддзі таму назад, здавалася, такая тэма не выклікала асаблівай цікавасці, бо не існавала самога прадмета даследавання – гісторыка-культурнага быцця інструмента. Айчынныя гітарысты даволі нядрэнна арыентаваліся ў імёнах значных фігур заходнееўрапейскага гітарнага мастацтва; уласна кажучы, і сам іх рэпертуар складаўся амаль цалкам з іспана-лацінаамерыканскай музыкі з невялікім дадаткам п’ес савецкіх кампазітараў. І было дакладнае адчуванне свайго існавання на перыферыі, дзесьці ў глыбокай правінцыі ў адносінах да тэрыторый, на якіх творыцца сапраўдная гітарная гісторыя.
Книга В.С. Живалевского - "Лютня i гiтара на беларускiх землях"
І вось у канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя адчыніліся дзверы да неверагоднага аб’ёму гістарычнай інфармацыі, дзякуючы якой мы пачалі больш выразна бачыць магутную карнявую сістэму нашай нацыянальнай культуры. Асобай, якую, напэўна, сама гісторыя выбрала сапраўдным першаадкрывальнікам скарбніцы нашай, беларускай гітары, стаў аўтар гэтай кнігі Валерый Жывалеўскі. Менавіта ён ужо амаль дваццаць гадоў скрупулёзна раскопвае наша гістарычнае мінулае, знаёмячы з новымі (для нас) імёнамі музыкантаў, адкрываючы нам музыку, якая гучала сотні гадоў назад на беларускіх землях. З-пад яго пяра ў тыя гады пачалі выходзіць і першыя публікацыі па гісторыі айчыннага лютнева-гітарнага мастацтва.
І нарэшце ўвесь той матэрыял, які паступова назапашваўся даследчыкам, вырас у сур’ёзнае навуковае выданне. Нягледзячы на тое, што ў першую чаргу гэта кніга з’яўляецца вучэбным дапаможнікам для студэнтаў гітарных класаў ВНУ, я ўпэўнены, што яна на доўгія гады стане настольнай энцыклапедыяй для шырокага кола беларускіх гітарыстаў, як прафесіяналаў (выканаўцаў і педагогаў), так і аматараў гэтага цудоўнага інструмента.
Дарэчы, гітара апынулася ў цэнтры ўвагі аўтара разам з лютняй невыпадкова. Гэтыя музычныя інструменты з’яўляюцца рознымі ў генеалагічным і канструкцыйным аспектах, але ў культурна-гістарычным сэнсе лютня можа лічыцца папярэдніцай гітары. Таму і цалкам заканамерна тое, што падобнае сумяшчэнне даследчыцкага інтарэсу аўтара адлюстравалася ў агульным паняцці лютнева-гітарнага мастацтва.
У працы ўдала сумясціўся фундаментальны навукова-даследчы падыход з дастаткова свабодным, амаль літаратурным стылем. Жанравую своеасаблівасць кнiгi можна абазначыць як нарысы альбо эсэ на розныя тэмы, так ці інакш звязаныя з беларускім лютнева-гітарным мастацтвам. Дзякуючы такому стылю, успрыманне чытачом тэксту будзе непазбежна «афарбавана» дакладным літаратурна-паэтычным пачуццём, якое, такім чынам, не дазволіць ператварыць пранікненне ў жывыя гістарычныя пласты адной з галін музычнага мастацтва ў простае вывучэнне «сухога» акадэмічнага трактата. Падобная «афарбоўка» ўзмацняецца і актыўным выкарыстаннем багатага і разнастайнага матэрыялу з паэзіі і прозы славутых песняроў мастацкага слова. Падазраю, што такое аўтарскае рашэнне невыпадкова, і абумоўлена яно глыбокім жаданнем паспрыяць абуджэнню цікавасці студэнтаў да скарбніцы нацыянальнай беларускай літаратуры.
Гравюра «Лютнiст» мастака В. Гэрсана (1831-1901) з вiленскага выдання паэтычнага абразка У. Сыракомлi «Каралеўскiя лютнiсты». 1857 г
У I і II главах тыпалагічна падобна апісваецца гісторыя бытавання на беларускіх землях лютні і гітары. Знамянальным аказаўся сам даследчы метад, якім скарыстаўся аўтар. «У люстэрку літаратуры» – гэта спосаб прааналізаваць з’яву не такой, якой яна адлюстроўваецца ў абязлічанай канстатацыі гістарычных хронік, а такой, якой яна праламляецца ў прызме мастацка-паэтычнай свядомасці нацыі. І, нягледзячы на тое, што такі тып падачы гістарычнай інфармацыі як быццам не зусім дакладны (у параўнанні з дакладнасцю сухіх радкоў дакументаў), менавіта ў духоўнай творчасці нацыянальнай эліты выяўляецца сапраўдная сутнасць быцця з’явы ў жыцці народа. Тым больш што, як сцвярджае аўтар, «лютня – атаясненне нацыя-нальнага ў адраджэнскай паэзіі пазамінулага стагоддзя», а гітара, выкарыстоўваючы метафару У. Сыракомлі, – «сэрца нашае».
Глава III прысвечана даследаванню найважнейшага пласта айчыннай музычнай культуры, які, на жаль, вельмі часта, выпадае з поля зроку гісторыкаў музыкі, – забытаму (справядліва падкрэслівае аўтар) аматарскаму музіцыраванню. Чытачу прапаноўваецца вялікая колькасць дакументальных даных, а таксама фотаздымкаў, дзякуючы якім мы даведваемся пра даволі актыўнае выкарыстанне гітары ў аматарскім музычным асяродку. Чытаючы тэкст і разглядаючы фатаграфіі, дзівішся таму, колькі ж натуральнай і шчырай любові да музыкі і жадання яе ўвасаблення ў сваёй, няхай і непрафесійнай, выканальніцкай творчасці было заўсёды ў нашым народзе! І вельмі важна захаваць гэтую часцінку нашай нацыянальнай культуры.
фотаздымак слуцкай жаночай арцелi «Ударнiк» /1930-я гады/ Струнны гурток Самахвалавiцкай СШ (Мiнскi раён) п/к вучанiцы 10 класа Ганны Гаўлiцкай.
У главе IV гаворка ідзе аб сучасным (пачынаючы з сярэдзіны ХХ стагоддзя) прафесійным этапе развіцця гітарнага мастацтва ў нашай краіне. На старонках гэтага раздзела кнігі мы сустракаем імёны людзей, чыя выканальніцкая і кампазітарская творчасць адбываецца на нашых вачах. За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі вырасла цэлая плеяда выдатных гітарыстаў, чыёй самаахвярнай дзейнасцю жыве і развіва-ецца нацыянальная прафесійная гітарная школа.
«Ад вальса да “Гульні ў бісер”» – такую назву мае V глава. У ёй аўтар звяр-таецца да гітарнай творчасці вядомых беларускіх кампазітараў, цікавасць якіх да гэтага інструмента выклікана жаданнем увасобіць свае музычныя задумы менавіта праз незвычайныя тэмбравыя і фактурныя сродкі гітары. І хаця цяжка не пагадзіцца з выказваннем Г. Берліёза аб тым, што, не валодаючы ігрой на гітары, наўрад ці можна стварыць для яе паўнавартасныя п’есы, у якіх выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці інструмента, трэба прызнаць, што плады творчасці айчынных кампазітараў-«негітарыстаў» ужо паспелі стаць своеасаблівай класікай у рэпертуары сучасных беларускіх выканаўцаў. Прыемна, што колькасць твораў для гітары, якія выходзяць з-пад пяра нашых прафесійных кампазітараў, няўхільна расце.
Не абмінуў аўтар сваёй увагай і беларускіх майстроў, як гітарных, так і лютневых. Гэтай тэме прысвечана глава VI. Якасць інструментаў, зробленых іхнімі рукамі, паступова ўзрастае, адпаведна ўзрастае і попыт на іх. І хаця пакуль рана казаць аб трывалай нацыянальнай традыцыі вырабу гітар, пэўныя крокі ў гэтым напрамку ўжо зроблены.
VII глава – своеасаблівая частка кнігі, якая стане для многіх сюрпрызам. Аўтару ўдалося знайсці нешматлікія звесткі аб цёзцы па прозвішчу, нашым суайчынніку, гітарысце-сяміструнніку.
Як правіла, даследчык (гісторык, у прыватнасці), які бярэцца за вывучэнне прадмета сваёй навуковай працы, знаходзіца як бы па-за ім, што, безумоўна, дапамагае зрабіць агляд «з боку». Да таго ж перад гэтым даследчыкам не ўзнікае праблемы ўключэння ўласнай асобы ў якасці аднаго з «герояў» свайго апавядання. Аўтар жа гэтай кнігі апынуўся ў вельмі няпростым становішчы. Пры напісанні IV главы, мяр-кую, у яго ўзнікала пытанне аб яўнай непаўнаце прадстаўленай у тэксце інфармацыі. У матэрыяле аб сучасным этапе развіцця беларускай гітарнай школы аказалася не ўключаным, бадай, самае знакавае для школы імя, а менавіта імя самога аўтара дадзенага дапаможніка Валерыя Жывалеўскага. А ўклад гэтай асобы ў станаўленне беларускай нацыянальнай гітарнай школы цяжка пераацаніць.
Валерый Серафимавіч Жывалеўскі
Валерый Серафімавіч Жывалеўскі – гітарыст, кампазітар, педагог, даследчык, музычна-грамадскі дзеяч, пачаў свой творчы шлях у г. Гродна, дзе ў 1980 годзе скончыў музычнае вучылішча. У гэтым жа годзе ён паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, якую паспяхова закончыў у 1985 годзе, пасля чаго быў накіраваны на вучобу ў асістэнтуру-стажыроўку пры Маскоўскім дзяржаўным музычна-педагагічным інстытуце імя Гнесіных (зараз – Расійская акадэмія музыкі). У гады вучобы ў БДК, а менавіта ў 1983 годзе, ён становіцца лаўрэатам VII Усе-саюзнага конкурсу артыстаў эстрады, што вызначае затым яго актыўную выканальніцкую дзейнасць на працягу больш дзесяці гадоў. На жаль, прафесійнае захворванне правай рукі не дазваляе яму зараз іграць на інструменце. Аднак не толькі надзвычайнымі выканальніцкімі дасягненнямі характарызуецца яго шлях у гітарным мастацтве. Не памылюся, калі скажу, што беларуская гітарная музыка ў свядомасці многіх музыкантаў у значнай ступені атаясамліваецца з імем В. Жывалеўскага. Пачаўшы сачыняць яшчэ ў гады свайго жыцця і вучобы ў Гродне, на сённяшні дзень ён з’яўляецца аўтарам вялікай колькасці гітарных твораў, пераважная большасць якіх напісана пад уплывам беларускага фальклору. Згадаю толькі некаторыя з іх, чыё існаванне вызначаецца зараз ужо не столькі аўтарскім іх выкананнем, колькі арганічным уключэннем у рэпертуар айчынных выканаўцаў, а таксама актыўным выкарыстаннем у педагагічнай практыцы на ўсіх узроўнях музычнай адукацыі. Гэта цыкл п’ес пад агульнай назвай «Ліцвінскія фантазіі» (варыяцыі з цыкла на тэму «У полі бяроза» з’яўляюцца, бадай, самымі папулярнымі ў гітарыстаў. Гэта неверагодна пранікнёная па свайму мастацкаму зместу і музычнай інтанацыі Элегія «Памяці Сяргея Палуяна». Гэта «Сюіта на тэмы невядомых аўтараў XVI–XVII стагоддзяў», дзе першапачатковы рэнесансна-барочны стыль на дзіва гарманічна спалучаецца з фактурай, характэрнай, хутчэй, для рамантычнай манеры выкладання, у чым, бясспрэчна, адбіваецца аўтарскае пачуццё. Гэта напісаныя ў апошні час Прэлюдыі, дзе мудрагеліста пераплятаюцца інтанацыі сучаснай і рамантычнай музычных моў.
Акрамя таго, дзейнасць Жывалеўскага ў беларускай музычна-культурнай прасторы можа быць параўнана з натхняючым уздзеяннем у свой час А. Сеговіі, паколькі пераважная большасць твораў прафесійных айчынных кампазітараў створана фактычна дзякуючы іх сяброўству і супрацоўніцтву з В. С. Жывалеўскім.
Значны ўклад гэтай асобы і ў прафесійную падрыхтоўку таленавітай моладзі. Большасць жа са згаданых у IV главе выпускнікоў Акадэміі музыкі – былыя студэнты класа В. С. Жывалеўскага. Аўтар гэтых радкоў таксама займаўся ў яго класе, і, па сутнасці, дадзены тэкст з’яўляецца своеасаблівым «Словам аб Настаўніку».
Такім чынам, чытачам прапаноўваецца захапляльнае падарожжа па эпохах, сустрэчы са знакамітымі асобамі, іх творчасцю, сумеснае ўслухоўванне ў дзівосныя паэтычныя радкі. Упэўнены, што пасля прачытання дадзенага дапаможніка гітарысты змогуць па-іншаму ацаніць гісторыю беларускіх лютні і гітары, глыбока пераканацца ў сапраўдным багацці нашай нацыянальнай культуры.
Кірыл Успенскі

Сайт работает на движке BlogEngine.Net
Дизайн: Mads Kristensen, Mooglegiant
Copyright © 2009-2017 Гитара.By
Создание и поддержка сайта:
Татьяна и Алексей Отрадновы
Создание и поддержка форума:
Павел Киевлякис, Сергей Буров
Статьи и интервью:
Ольга Киевлякис, Максим Цеханович